You are viewing [info]righthinker's journal

Previous 10

Nov. 28th, 2008

arsenal

журналістыка

Загаловак во ўчорашнім нумары "Беларускай вайсковай газэты":
"Врач лечит человека, а ветеринарный врач - человечество!"

Nov. 26th, 2008

arsenal

Футбол - Live. Top 5 (Абноўлена)

Тор 5 футбольных матчаў, што я глядзеў жыўцом на стадыёне.

1. Беларусь - Галяндыя (1:0), 1995 год, Менск, "Дынама"
2. Батэ - Ювэнтус (2:2), 2008 год, Менск, "Дынама"
3. Арсэнал - Тотэнхэм (3:0), 2006 год, Лёндан, "Эшбэртан Гроўв"
4. Беларусь - Ангельшчына (1:3), 2008 год, Менск, "Дынама"
5. Дынама Кіеў - Барсэлёна (3:0), 1997 год, Кіеў, "Алімпійскі"


Яшчэ, калі мне было 6 ці 7 гадоў (адпаведна 1982 ці 1983 гады), мы з бацькам былі на Дынама Менск - Дынама Кіеў, але я быў занадта малы, каб запомніць тое, што адбывалася на полі, нават лік ня памятаю.

Такім чынам, гэтая футбольная восень займае на цяперашні момант вядучае месца ў маім рэйтынгу. Перадусім за гэта належыць падзяка "БАТЭ".

Чакаю наступнага сэзону!

Nov. 7th, 2008

arsenal

Барані, Божа, ад такіх перамогаў

Гэты пост можна чытаць таксама на: http://www.pbnf.org/blog_yanu


“Мы зрабілі гэта” – на плошчы ў цэнтры Нью-Ёрку маладая белая кабета ледзьве не са сьлязьмі на вачох сьвяткуе перамогу Абамы. Гэтыя ды падобныя кадры з замілаваньнем (прынамсі, зь вялікай настойлівасьцю) круціць Эўраньюз. Шалёны энтузіязм выбаршчыкаў ды сусьветных СМІ з нагоды перамогі першага чорнага прэзыдэнта ЗША насьцярожвае і пакідае моцнае адчуваньне незавершанасьці. Справа тут зусім ня ў колеры ягонай скуры. І нават ня ў тым, што, паводле трапнага выразу Сары Пэйлін, “Абама выдаў дзьве кнігі сваіх мэмуараў, але ня стаўся аўтарам аніводнага законапраекту”, што вельмі ўдала характарызуе ягоны стыль: Абама відавочна ўмее падабацца, і робіць гэта. А ці можа рабіць справу – пакуль што вялікае пытаньне.
Справа ў тым, што ягоныя прыхільнікі вераць: цяпер і надалей усё будзе па-іншаму. Зусім па-іншаму, кардынальна. Ня будзе войнаў, фінансавага крызісу, нянавісьці… Усе будуць жыць доўга й шчасьліва ў міры й згодзе. І гэтак далей – кожны ўкладае ў вобраз Абамы свае няспраўджаныя надзеі. (Выдатная праца ягоных піяршчыкаў, дарэчы).

Але калі ты перамагаеш на хвалі такіх вялікіх надзеяў – у цябе амаль няма шанцаў сконьчыць добра. Баюся, няма іх і ў Абамы. Або ён насамрэч паспрабуе ўсё кардынальна зьмяняць, і ў яго пачне атрымлівацца (асабіста я наогул далёка ня ўпэўнены, што Злучаным Штатам патрэбныя кардынальныя зьмены. Проста таму, што ня веру, што кардынальныя зьмены ў дэмакратычных краінах могуць быць да лепшага) – і ў такім выпадку ён рызыкуе паўтарыць лёс Джона Кенэдзі. Або ён ня дасьць рады спраўдзіць разьдзьмутыя чаканьні, і тады любоў натуральным чынам пяройдзе ў нянавісьць, і палітычны лёс Абамы станецца добрай ілюстрацыяй вядомага выслоўя Sic transit gloria mundi.
Горай, чым такая перамога, як у Абамы, можа быць толькі параза.

Sep. 19th, 2008

arsenal

(no subject)

"Калі афіцыйныя асобы не раз заяўлялі, што ёсць намеры правесці выбары сумленна, то апазіцыі варта ўзяць удзел у іх."

"Асабіста я веру заявам прэзідэнта аб тым, што выбары пройдуць адкрыта і дэмакратычна."

Пасол Вялікабрытаніі ў Беларусі Найджэл Гулд‑Дэвіс
(крыніца: http://www.nn.by/index.php?c=ar&i=20002)

На гэты конт мне ў галаву прыходзяць два выказваньні :

- У Брытаніі няма сяброў, у Брытаніі ёсьць інтарэсы (Сэр Уінстан Чэрчыль)

- У Ізраіля ёсьць толькі адзін саюзьнік - гэта ягонае войска (Арыель Шарон)

May. 25th, 2008

arsenal

Эўрабачаньне 2008

Файнае шоў, атрымаў рэальнае задавальненье ад прагляду.
У паўфінале галасаваў за Украіну, у фінале - за Нарвэгію й Украіну!

Нарвэжка спадабалася болей за іншых: і сама, і музыка, і сьпеў, і ўвесь нумар цалкам. Спакойная паўночная прыгажосьць і прыцягальнасьць, цалкам у маім гусьце! :)

Усё часьцей па сабе заўважаю невыпадковасьць таго, што Менск - у дзясятцы паўночных краінаў сьвету. Ня кажучы ўжо пра Вільню.

Таксама на ЭБ 2008 спадабаліся Данія, Армэнія й Польшча.

Apr. 27th, 2008

arsenal

Тэрмінал

Перадусім, віншую ўсіх праваслаўных! Хрыстос уваскрос!

У Вене файны аэрапорт, але за тры дні кантавацца тут ужо восьмую гадзіну - зашмат! Добра, што хоць інтэрнэт ёсьць. У ім (інтэрнэце) паведамляюць, што на сёньня кансэрватары маюць у Брытаніі 39 % падтрымкі, лэйбарысты 29%, лібдэмы 20%. І Блэр заявіў, што Браўн ня здольны перамагчы Кэмэрана.

А па аэрапорце ўжо 2 гадзіны паведамляюць, што рэйс на Лёндан затрымліваецца.

Apr. 9th, 2008

arsenal

Arsenal назаўсёды

Натуральна, вельмі сумна прайграваць, калі на 84-ай хвіліне ты маеш патрэбны лік!

Але гулялі хлопцы здорава. Абаронцы, вядома, схібілі двойчы, Адэбаёр ня ўсе моманты скарыстаў - затое біліся адчайна, усе сілы аддалі. Глеб быў на вышыні, праз яго ўся гульня ішла, Уолкат прайшоў шыкоўна... Шмат прыгожых момантаў было.

У нядзелю яшчэ адна важная гульня, трэба перамагаць. Але, чым бы ня скончылася - Arsenal назаўсёды!

Jan. 9th, 2008

arsenal

(no subject)

Учора [info]sla_da у размове працытавала вельмі трапны выраз свайго бацькі: "Жанчына можа або мець рацыю, або быць шчасьлівай"

У пэўных сытуацыях гэта можа быць актуальна і ў дачыненьне да мужчынаў, але пра жанчынаў - цалкам слушна!


Тая ж [info]sla_da у той жа размове паведаміла, што з бізнэсоўцамі цікавей (чым з палітыкамі), бо ў іх заўсёды шмат арыгінальных ідэяў. Сапраўды, палітыкаў нярэдка называюць сумнымі пэрсанажамі, і часьцей за ўсё называюць праўдзіва. Што да мяне асабіста - апошнія пару гадоў заўважаю за сабой шмат пазытыўных зьменаў, але пры гэтым пэўную дэградацыю крэатыўных здольнасьцяў. Нядоўгія развагі пасьля ўчорашняй размовы прывялі мяне да высноваў аб тым, што, нажаль, арыгінальнасьць ня ёсьць якасьцю, запатрабаванай у палітыцы. У адрозьненьне ад бізнэсу. Бо ў бізнэсе арыгінальнасьць прыносіць грошы, а ў нэгатыўным выпадку ты губляеш, ізноў жа, усяго толькі грошы. У палітыцы ж (калі толькі ты ня граеш ролю блазна а-ля Жырыноўскі) удалая арыгінальнасьць можа даць пэўнае падвышэньне папулярнасьці, а вось няўдалая - разбурыць рэпутацыю.

Затое палітыкі маюць шмат іншых добрых і прыцягальных якасьцяў!  :)))

Dec. 13th, 2007

arsenal

Мінск і Менск 12-га сьнежня

Мінск. 18.00 Кастрычніцкая плошча

Людзей было сапраўды няшмат, можа, каля сотні, але ў дадзеным выпадку гэта ня мела прынцыповага значэньня. Рэспэкт Міхалевічу і Каліту за першыя сьцягі. Далей усё было, як звычайна: спэцназ кінуўся забіраць, гвалт, лямант, нехта паваліўся, аднаго хлопца пацягнулі кудысьці за елку, штурханіна. Народ прасачыўся й сабраўся ізноў. Нехта патрабаваў "хуткую". Ізноў пачалі выціскаць.

Уніз, да цырку, я ўжо не пайшоў.
Хвілінаў праз 20 патэлефанаваў Генадзь Кесьнер, распавёў пра Хведарука.
Дай Бог, каб усё скончылася добра, каб хутчэй папраўляўся! Трымайся, Зьміцер!


Я - гэта мае асабістыя адчуваньні - вельмі не люблю сытуацыі, калі сотня амапаўцаў, увесь час штурхаючы, ссоўвае 20-30 дэманстрантаў з Кастрычніцкай ці да Нямігі, ці куды яшчэ. Сам адчуваеш сябе ў гэты момант вельмі неадназначна, ці-то героем, ці-то быдлам. І чым далей штурхаюць, тым мацнейшым становіцца менавіта другое адчуваньне.

Я захапляюся ўсімі, хто выйшаў сёньня на Кастрычніцкую. Але, народ! Такімі акцыямі, хоць і яны патрэбныя, мы незалежнасьць не абаронім. Трэба працаваць, каб выходзілі дзясяткі тысячаў. Да 25-га сакавіка яшчэ (спадзяюся, 13-14-га нічога фатальнага ня здарыцца) ёсьць час. Але інфармацыйна трэба адпрацаваць па-максымуму, каб нас у гэты дзень папросту немагчыма было б расштурхаць ды выціснуць!

P.S. На сайце радыё Свабода фотагалерэя з Кастрычніцкай, дык на 3-ім здымку выглядае, нібыта Меляшкевіч са Стральцовым на загад Найдэнкі ды Мельніка (апошнія - ГУУСаўскія начальнікі) "віньцяць" Вячорку! :) Насамрэч, як раз наадварот - менавіта Юрась з Алесем не далі затрымаць Вінцука!

Менск. 19.10. Клюб "Фартуна"

Канцэрт крамбамбулі.

Ніколі ня быў вялікім прыхільнікам музычнае крамбамбулі. Плюс можаце ўявіць, у якім настроі я прыйшоў на канцэрт з Кастрычніцкай, тым больш, па дарозе даведаўшыся пра Хведарука. Але да другога аддзяленьня я цалкам уключыўся ў атмасфэру, што панавала ў клюбе. А на "Сінім-сінім носе" нават таньчыў! Усё ж такі мастацтва - вялікая сіла. І беларускае мастацтва, у тым ліку такое на першы погляд несур'ёзнае, як Крамбамбуля, ёсьць, магчыма, найлепшым адказам расеі, ёсьць моцным гарантам нашае незалежнасьці.

Dec. 5th, 2007

arsenal

Асабістае

Калі я перамагу - гэта будзея мая перамога. Калі не перамагу - гэта будзе мая параза. І першае, і другое маюць высокі кошт, яны самадастатковыя. Больш таго, у выпадку перамогі мне ёсьць з кім яе сьвяткаваць, і ёсьць з кім перажыць паразу.

Але!   Мяне сапраўды моцна закранае, калі нехта, каго я называю сябрам, лічыць, што для мяне гэта ўсё несур'ёзна! Для мяне гэта вельмі сур'ёзна! І калі нехта зьбіраецца пасьля ўсяго выпіваць з маімі праціўнікамі - дзеля Бога! Толькі гэта таксама будзе сур'ёзна, гэта будзе выбар!

Прашу нікога з прысутных на свай рахунак не прымаць. Я зьвяртаўся да трэціх асобаў, якія наўрад ці сюды трапяць, але гэта неістотна.

P.S. Калі ласка, спадарства кіроўцы, загадзя паваротнікі ўключайце! Думайце пра сваіх бліжніх. Хаця б Вы, блін!

Previous 10